Logo Polskiego Radia
Print

«Беларусь адыходзіць ад Расеі, але не становіцца бліжэй да Эўропы»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.11.2016 12:57
  • Беларусь адыходзіць ад Расеі, але не становіцца бліжэй да Эўропы.mp3
Менск далучыцца да групы постсавецкіх дзяржаваў, якія балянсуюць паміж Эўразьвязам, Расеяй і Кітаем – палітоляг А. Казакевіч.
Дырэктар інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.Дырэктар інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.Aliaksandr Papko/radyjo.net

Беларусь пакрысе дыстансуецца ад Расеі, але не набліжаецца да Эўрапейскага Зьвязу. Яна становіцца ў адзін шэраг з Казахстанам і Армэніяй – краінамі, якія стараюцца балянсаваць паміж Расеяй, Эўразьвязам і Кітаем. У будучым такая палітыка «сядзеньня на некалькіх крэслах» стане яшчэ больш выразнай – сьцьвярджае дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч. На кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі ў Коўне ён прадставіў дасьледаваньне «Дэзынтэграцыя дэзынтэграцыяў: асноўныя тэндэнцыі на постсавецкай прасторы пасьля 2008 года». Як доўга Менску ўдасца балянсаваць паміж Масквой, Брусэлем і Пэкінам? Пра гэта з Андрэем Казакевічам размаўляе Аляксандар Папко.

Спадар Андрэй, вашае дасьледаваньне альянсаў на постсавецкай прасторы прыводзіць да нечаканых высноваў. Скажыце, калі ласка: на чым яно базуецца?

Андрэй Казакевіч: Па-першае, мы прааналізавалі наяўнасьць дамоваў паміж краінамі. Гэта дамовы пра эканамічнае й палітычнае супрацоўніцтва, а таксама дамовы аб стварэньні інтэграцыйных інстытутаў. Па-другое, мы прааналізавалі ваенныя дамовы. Гэта дамовы аб ваеннай дапамозе, рэгулярных вучэньнях і г. д. Акрамя гэтага, мы прааналізавалі таваразварот паміж краінамі на працягу апошніх 10 гадоў: хто, колькі й куды экспартаваў і адкуль імпартаваў. Акрамя гэтага, мы прааналізавалі міграцыйныя патокі й некаторыя іншыя паказчыкі. Гэта было комплекснае дасьледаваньне: у разьлік бралася як статыстыка, так і інстытуцыйнае ўзаемадзеяньне паміж краінамі.

Які тэндэнцыі можна заўважыць на постсавецкай прасторы? Гэтыя краіны інтэгруюцца ці «разьяжджаюцца» ў розныя бакі?

Андрэй Казакевіч: Хутчэй дэзынтэгруюцца. Непасрэднае супрацоўніцтва паміж краінамі скарачаецца. Дэзынтэграцыя постсавецкай прасторы не зьяўляецца хаатычнай. Краіны пачынаюць арыентавацца на некалькі палітычных і эканамічных цэнтраў. Частка краінаў, такія як Грузія, Украіна ці Малдова, выразна арыентуюцца на Захад (Эўразьвяз і ЗША). Ёсьць краіны, якія арыентуюцца на Расею. А ёсьць краіны, якія стараюцца балянсаваць. Відавочныя прыклады – гэта Казахстан і Армэнія. Сытуацыя гэтых краінаў, аднак, можа з часам мяняцца.

Вы казалі пра тое, што Беларусь імкнецца далучыцца да краінаў, якія знаходзяцца паміж Расеяй і Эўразьвязам. Палітыка «сядзеньня на двух стулах» становіцца нармальнай для постсавецкай прасторы? Ці можна доўга й пасьпяхова такой палітыкай займацца?

Андрэй Казакевіч: Ніхто ня можа адказаць на гэтае пытаньне, таму што сама стратэгія балянсаваньня кароткатэрміновая. Яна разьлічаная на атрыманьне нейкіх прыбыткаў тут і цяпер. Сёньня краіны рэгіёну ня маюць пэрспэктываў эўрапейскай інтэграцыі (прынамсі ў нейкай дасяжнай пэрспэктыве). Таму Эўразьвяз ня можа быць моцным цэнтрам прыцягненьня. Расея, відавочна, даволі слабая, мае недастаткова рэсурсаў. Плюс яна занадта канфліктная, каб стаць цэнтрам інтэграцыі. У такой сытуацыі палітыка «сядзеньня на двух стулах» ці ўзаемадзеяньня з рознымі краінамі на розных узроўнях (палітычнае супрацоўніцтва – з адной групай краінаў, эканамічнае супрацоўніцтва – зь іншай) становіцца вельмі рацыянальнай тактыкай. Гэта становіцца пэўным трэндам, які будзе вызначаць палітыку рэгіёну ў бліжэйшай пэрспэктыве. Ён вынікае з балянсу сілаў паміж Расеяй, ЭЗ і іншымі цэнтрамі ўлады.

Якое разьвіцьцё падзеяў вы прадказваеце на постсавецкай прасторы ў бліжэйшы час? Краіны будуць гуртавацца вакол двух цэнтраў сілы, будзе расьці колькасьць кранаў, якія будуць старацца балянсаваць ці ў рэгіёне будуць пашырацца войны й канфлікты?

Андрэй Казакевіч: Я б не хацеў прагназаваць нейкія катастрофы. Я думаю, што верагоднасьць такога сцэнару малая. Я спадзяюся, што трагічны ўкраінскі выпадак навучыў усіх, што вострых канфліктаў трэба пазьбягаць, бо ад іх прайграюць усе. У кароткатэрміновай пэрспэктыве я прадказваю рост колькасьці дзяржаваў, якія будуць балянсаваць. І гэта не таму, што постсавецкія краіны такія ганарлівыя й незалежныя, а таму, што ніводны з цэнтраў ня можа прапанаваць нічога, што можа вырашыць усе стратэгічныя праблемы гэтых дзяржаваў. Гэта ня значыць, што ані Расея, ані Эўразьвяз ня будуць мець уплыву ў рэгіёне. Гэта значыць, што ані ўплывы Расеі, ані Эўразьвязу ня будуць аднаасобна вызначаць стратэгіі краінаў постсавецкага рэгіёну.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Про нас Контакти