Logo Polskiego Radia
Print

Ёзэф Мэнгеле - “анёл сьмерці” з “Аўшвіц”

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.02.2019 17:03
  • Мэнгеле.mp3
“Яго нездарма назвалі “анёлам сьмерці”, бо ён нёс сьмерць, ён – сымбаль сьмерці, страшнай сьмерці дзяцей”.
Ёзэф Мэнгеле (у цэнтры) у кампаніі афіцэраў ССЁзэф Мэнгеле (у цэнтры) у кампаніі афіцэраў ССPublic Domain

Нядаўна адзначалася чарговая гадавіна вызваленьня гітлераўскага лягеру сьмерці “Аўшвіц”. Адным з сымбаляў канцлягеру стаў Ёзэф Мэнгеле, якога называлі “анёлам сьмерці”.

“Мэдыцынскія экспэрымэнты адбываліся штодзённа. Доктар Мэнгеле прыходзіў у наш барак і пальцам паказваў, каго забраць і хто будзе яго ахвярай”, - праз гады ўспаміналі тыя страшныя часы дзіцячыя вязьні з “Аўшвіц”, якім удалося выжыць.

Ёзэф Мэнгеле нарадзіўся ў 1911 годзе ў звычайна нямецкай сям’і. Пасьля заканчэньня школы вывучаў мэдыцыну й антрапалёгію ў розных унівэрсытэтах, у 1938 годзе атрымаў ступень доктара мэдыцынскіх навук. У тым жа годзе ўступіў у нацысцкую партыю й СС. Ваяваў на ўсходнім фронце, атрымаў званьне гаўптштурмфюрэра СС (капітана). У 1943 годзе быў накіраваны ў Аўшвіц, дзе праслужыў каля двух гадоў. Пазьней ён служыў у іншых канцлягерах, але найстрашнейшы пэрыяд яго службы меў месца менавіта ў “Аўшвіц”.

Значную частку працы Менгеле складалі досьведы над вязьнямі, уключаючы анатаміраваньне жывых немаўлят, кастрацыю хлопчыкаў і мужчын без выкарыстаньня анэстэтыкаў. Ён падвяргаў жанчын ударам току высокага напружаньня з мэтай тэставаньня іх выносьлівасьці. Аднойчы ён нават стэрылізаваў групу польскіх манашак пры дапамозе рэнтгенаўскіх прамянёў.

За 21 месяц знаходжаньня ў “Аўшвіц” ён зарабіў рэпутацыю аднаго з самых небясьпечных нацыстаў, атрымаўшы мянушку «анёл сьмерці». Мэнгеле асабіста сустракаў цягнікі зь вязьнямі, якія прыяжджалі ў лягер, і сам вырашаў, каму зь іх трэба будзе працаваць у лягеры, хто пойдзе на яго вопыты, а хто адразу ж адправіцца ў газавую камэру.

Асаблівую цікавасьць Ёзэфа Мэнгеле выклікалі блізьняты. З 3 тыс. двайнят, выбраных для псэўдаэкспэрымэнтаў, выжылі толькі 300 чалавек. Сярод яго экспэрымэнтаў былі спробы зьмяніць колер вачэй дзіцяці ўпырскваньнем розных хімікатаў у вочы, ампутацыі органаў і іншыя страшныя досьледы.

Пасьля вайны Ёзэфу Мэнгеле ўдалося скрыцца, забраўшы з сабой большую частку мэдычнай дакумэнтацыі. Цягам многіх гадоў ён быў аб’ектам нумар адзін, якога шукалі спэцслужбы Ізраіля. Гаворыць Шэвах Вайс – ізраільскі палітык і выкладчык, былы пасол Ізраіля ў Польшчы. Архіўны запіс Польскага радыё з 1985 году.

Шэвах Вайс: Больш за 20 гадоў таму мы злавілі Эйхмана, але Мэнгеле – гэта сымбаль найстрашнейшых і найгоршых злачынстваў, мы павінны яго злавіць, таму што нельга, каб такі чалавек спакойна хадзіў па зямлі. Яго нездарма назвалі “анёлам сьмерці”, бо ён нёс сьмерць, ён – сымбаль сьмерці, страшнай сьмерці дзяцей. Ён праводзіў нялюдзкія экспэрымэнты, і таму для нас вельмі важна, каб яго злавіць.

Хачу нагадаць, што Галакост меў месца ў Эўропе, у культурнай Эўропе, а яго арганізатарам стаў культурны нямецкі народ, які даў сьвету такіх вялікіх людзей, як Бэтховэн, Гётэ й Гайнэ.

Але Мэнгеле ніколі не ўдалося злавіць. Пасьля вайны спачатку ён уцёк, дарэчы, пры дапамозе Ватыкану, у Аргентыну, а пазьней – у Бразылію. Там ён памёр 7 лютага 1979 году каля Сан-Паўлу. Існуюць сьведчаньні, што “анёл сьмерці” падчас купаньня ў моры атрымаў інсульт і патануў. Дарэчы, пра факт яго сьмерці стала вядома праз шмат гадоў пасьля яе.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт